Свабода як трывалая лінія абароны
...Свабода – гэта соль жыцця, яна ляжыць у самой прыродзе чалавека. Калі вы аднойчы паспыталі гэтай амброзіі, ужо няма шляху назад...
1991 год, калі разваліўся СССР – імперыя зла, як казаў Рональд Рэйган, – быў часам сапраўднай эйфарыі на постсавецкай прасторы. Мы былі маладыя сэрцам, становячыся сведкамі гістарычных пераменаў ва ўсім свеце. Больш за дзясятак еўрапейскіх народаў імкліва выйшлі з-пад дамінавання савецкай ідэалогіі – сама Масква была адным з найбольш прагрэсіўных гульцоў у гэтым працэсе. Гэта было неверагодным – асабліва гледзячы з сённяшніх дзён, – але праўдзівым у тыя дні.
Як мы дакаціліся да такой катастрофы свабоды слова – зараз, напачатку 2015-га? Давайце падлічым нашы грахі, самы час гэта зрабіць. Галоўная памылка – ігнараванне таго факту, што жыццё “у сучасным свеце” або “у 21-ым стагоддзі” не азначае, што мы засволі ўрокі гісторыі, пераадолелі цені мінулага. І відавочна, што няма нічога, што можа існаваць як ”само сабой разумеецца” – назаўсёды. Мы павінны прызнаць горкія словы: свабода, якую не абараняюць, непазбежна гіне. Наш рэгіён – найлепшы, ці, хутчэй, найгоршы прыклад гэтаму.
Беларусь асабліва дзіўным чынам стала пляцоўкай для гэтай гістарычнай іроніі. Найперш, у 1994-ым мы самым дэмакратычным чынам выбралі самага антыдэмакратычнага прэзідэнта; затым мы вырашылі, што дэмакратыя сама сябе абароніць на наступных выбарах.
Не абараніла – і дваццаць гадоў без сапраўдных выбараў прайшлі пад кіраўніцтвам таго ж самага прэзідэнта-дыктатара ў еўрапейскай краіне.
Жанна Літвіна, старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, упэўнена, што самы цяжкі час яшчэ наперадзе – бо з кожнай чарговай прэзідэнцкай кампаніяй журналісцкая супольнасць сутыкаецца з новай хваляй рэпрэсій. Аляксандар Лукашэнка будзе спрабаваць пераабраць сябе ізноў, у лістападзе гэтага году. “Беларусь ператварылася ў краіну з выпаленымі палітычнымі альтэрнатывамі і амаль нязменнай палітычнай уладай,” – сказала Жанна Літвіна.
Але разам з тым, відавочна падышла да свайго канца пэўная гістарычная эпоха. Мы ўсе зараз назіраем падзенне постсавецкай сістэмы ў Еўропе – але што надыходзіць замест? Лепшыя часы? Здаецца, пераменаў ніколі не будзе. Адчайныя спробы даць новае жыццё Расійскай імперыі любымі коштамі, парушаючы ўсе правілы цывілізаванага свету, разбураючы ўсе стандарты нашай прафесіі? Цяпер мы, як журналісты, знаходзімся на новай перадавой. Нас вінавацяць у “незаконным вырабе прадукцыі СМІ і распаўсюдзе інфармацыі”. Так, ёсць такі артыкул 22.9 у беларускім Кодэксе адміністрацыйных правапарушэнняў. Журналістыка фрыланса па-за законам. Ты альбо працуеш на СМІ, зарэгістраванае дзяржавай, альбо раздаеш інфармацыю з-пад прылаўка. Такая вось альтэрнатыва для журналістаў ад беларускага закона.
Між іншым, 62 дзяржаўныя арганізацыі, міністэрствы і агенцтвы, маюць права зрабіць любую інфармацыю пра сваю дзейнасць канфідэнцыйнай. Так можа зрабіць Міністэрства культуры, дзяржаўнае тэлебачанне. І гэта ўсё адбываецца недзе ў 21-ым стагоддзі ў адной еўрапейскай краіне.
Мы не здаёмся, бо свабода – гэта соль жыцця, яна ляжыць у самой прыродзе чалавека. Калі вы аднойчы паспыталі гэтай амброзіі, ужо няма шляху назад. Мы так думаем, як мінімум, і гатовыя несці нашы “забароненыя веды” незалежна ад таго, лічыцца гэта законным ці не вельмі.
********************
Тэкст падтрыхтаваны для сеткі лаўрэатаў Прэміі імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі".
Першакрыніца тут