Кандыдаты ад АГП зняліся з выбараў. Афіцыйная газета публікуе іх праграмы


Афіцыйная абласная газета “Гомельская праўда” надрукавала 15 верасня адразу тры праграмы апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты – сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова (Савецкая выбарчая акруга №34),  Уладзіміра Няпомняшчых (Навабеліцкая выбарчая акруга №36), Марата Афанасьева (Буда-Кашалёўская выбарчая акруга №38). Раней тэлезвароты гэтых кандыдатаў да выбарцаў телерадыёкампанія “Гомель” не пусціла ў эфір.

Па словах Васіля Палякова, яму і калегам на прапанову рэдакцыі давялося выкрэсліць з праграмы высновы, што Лукашэнка – гэта тупік для Беларусі, а таксама сказы пра кампанію АГП “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”.

У праграме, між тым, сказана: “Тое, што адбываецца ў нас у краіне кожныя некалькі гадоў, назваць выбарамі ніяк нельга. Выбары скралі! У камісіі прызначаюцца людзі, залежныя ад улады. З 70-і тысяч членаў участковых камісій толькі 61 чалавек – з апазіцыйных партый”.

У друкаваным тэксце кандыдатаў засталіся і сем пунктаў праграмы АГП пра ўладкаванне Беларусі. Гэта – скасаванне бюрактычных перашкодаў для прыцягння ў краіну замежных інвестыцый, спыненне патаемнай прыватызацыі, рэарганізацыя дапамогі сацыяльна неабароненым грамадзянам, стваранне сістэмы мясцовага самакіравання, усталяванне добрых стасункаў з краінамі Еўрасаюзу і ЗША. “Выхад з тупіка – сумленныя выбары!”– заяўляюць апазіцыйныя кандыдаты.

Яны лічаць, што прадастаўленне старонак афіцыйнага выдання для альтэрнатыўных праграм звязана, хутчэй за ўсё, з гульнёй уладаў у дэмакратыю перад Захадам у сувязі з цяжкай эканамічнай сітуацыяй у краіне, а таксама з бояззю судовых пазоваў да СМІ, паколькі Назіральная рада пры Цэнтравыбаркаме рэкамэндавала не даваць слова толькі тым кандыдатам, якія заклікаюць да байкоту выбараў.

Дарэчы, Васіль Палякоў, хаця і зняўся 15 лістапада з выбараў разам з іншымі кандыдатамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, перад гэтым накіраваў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля пазоў супраць телерадыёкампаніі “Гомель”, якая 28 жніўня не пусціла ў эфір яго тэлезварот да выбаршчыкаў.