Амбітны праект “Брестского курьера”: прэс-тур па Брэстах Еўропы


“Асацыяцыю ўсіх Брэстаў” задумала стварыць група берасцейцаў з удзелам рэдакцыi недзяржаўнай газеты “Брестский курьер” да 1000-годдзя свайго горада, што будзе адзначацца ў 2019 годзе.  

Яшчэ летась група турыстаў, фатографаў, школьнікаў, бізнесоўцаў упершыню праехала па Брэстах Польшчы, Германіі, Чэхіі і Францыі. Бадай па ўсім маршруце групу віталі на муніцыпальным узроўні. 

Візіты ў адказ не прымусілі доўга чакаць: у ліпені 2014 года прадстаўнікі замежных Брэстаў на чале з мэрамі наведалі Дзень горада, у красавіку 2015 асобна “адзначыўся” польскі Брэст – візітам групы бізнэсоўцаў, спартоўцаў і культурных дзеячоў. 

Сёлета праект выйшаў на новы этап – далучэнне да супрацы паўднёвых еўрапейскіх населеных пунктаў з назвай Брэст.

Перад стартам каля рэдакцыі "БК". (Фота даслалі журналісты рэдакцыі.)

Двухтыднёвы аўтапрабег стартаваў 11 мая ў Брэсцкай крэпасцi і пройдзе па маршруце: Брэст (Беларусь) – Брэст-Куяўскі (Польшча) – Брэст (Чэхія) – Брэст (Сербія) – два Брэсты (Македонія) – Брэст (Албанія) – два Брэсты (Балгарыя).

Анлайн-трансляцыя з вандроўкі будзе весціся на сайце «Брестского курьера» і сайтах партнёраў, з далейшымі публікацыямі ў друкаваных выпусках выдання.

Напярэдадні старту прэс-служба ГА “БАЖ” задала некалькі пытанняў галоўнаму рэдактару выдання Мікалаю Аляксандраву:

– Ідэя зыходзіла ад газеты “БК”? Яна даволі амбітная. Як яна нарадзілася? 

– Першапачаткова гэта была ідэя групы “нераўнадушных” берасцейцаў, якія імкнуцца да стварэння мастоў культуры і супрацоўніцтва ў еўрапейскай прасторы. А цяпер гэта стала асабліва актуальна, паколькі выклікае занепакоенасць цяперашняе абвастрэнне стасункаў на кантыненце. У мінулым годзе мы ў серыі “пуцявых нататак” пісалі пра першы этап аўтавандроўкі па гарадах з імем Брэст, а цяпер я сам увайшоў у каманду з сямі ўдзельнікаў. Будзем па ходзе маршруту пісаць, здымаць і трансляваць убачанае на сайце. А шлях праляжа па Балканах, якія перажылі многае...

– Такія маштабныя мерапрыемствы наўрад ці можна было б ажыццявіць без дапамогі брэсцкіх уладаў. Як удалося дамовіцца? Ці можна сказаць, што Брэст – шчаслівае выключэнне з агульнабеларускага правіла, калі незалежная прэса не недта “сябруе” з уладамі?                                                                                          

– Ды не хацелася б быць “выключэннем”... Але я лічу, што там, дзе ва ўладзе ёсць разумныя людзі, якія нестандартна думаюць, – можна знаходзіць і паразуменне, і падтрымку прапанаваным праектам. У нашай гарадской мэрыі такія, дзякуй Богу, ёсць. Гэта і малады кіраўнік Брэста Аляксандр Рагачук, і кіраўнік справамі гарвыканкама Уладзімір Чарноў. Яны ўбачылі добрую перспектыву ў прапанаванай ім ідэі – і падтрымалі.

– Праграма прэс-туру заманлівая. Хто ўваходзіць у групу вандроўнікаў? Ці можа, скажам, брэсцкі журналіст з іншага выдання трапіць у групу ці гэта “эксклюзіў” “БК”?

– У групе сем чалавек. Адзін з іх – прадстаўнік гарвыканкама Аляксандр Бяспалаў, чалавек зусім не чыноўны. Затым – Тарас Юркевіч, бард, свайго роду “аташэ па культуры”. Далей – Сяргей Сухі, ён са сферы турызму, валодае мовамі – англійскай, французскай, польскай. Наша фотажурналістка Ірына Шапялевіч была арганізатаркай леташнай вандроўкі і сёння зноў у камандзе на важных ролях. Мне таксама належыць выконваць важныя задачы. Наогул, атрымалася, што гэта эксклюзіў. І з намі едуць два кіроўцы – людзі надзейныя. Так што пажадайце нам добрага і паспяховага шляху.