Як БАЖаўцы апынуліся на радыяцыйным “Майдане” (ФОТА)
Гомельская гарадская філія ГА “БАЖ” зладзіла 10 красавіка прэс-тур у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У ім узялі ўдзел не толькі гомельскія журналісты, але і сябры арганізацыі з Мінскай і Брэсцкай абласцей.
Уводзіны ад Максіма Кудзіна, загадчыка навуковай часткі запаведніка
Дазвол на наведванне радыяцыйнага запаведніка філія атрымала ў Дэпартаменце па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь.
Запаведнік цяпер – гэта прыродаахоўчая і навукова-даследчая ўстанова, якая ахоплівае плошчу 216 тысяч гектараў асабліва заражаных радыяцыяй тэрыторыяў Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Пасля катастрофы на ЧАЭС адсюль былі адселены 92 вёскі.
Да кандыдата біялагічных навук Сяргея Кучмеля пытанняў багата
Журналісты пазнаёміліся з навуковымі даследаваннямі, якія вядуць ў запаведніку тры спецыялізаваныя аддзелы – радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, экалогіі раслінных комплексаў і экалогіі фаўны, лабараторыі радыяцыйных вымярэнняў. Месцяцца яны ў адселенай вёсцы Бабчын.
У выселеным Бабчыне
Удзельнікі прэс-тура пабывалі таксама на конеферме, у пладова-ягадным пітомніку, на кантрольна-прапускным пункце “Майдан”. Апошні закрывае шлях у беларускі сегмент абсалютна запаведнай 30-кіламетровай зоны вакол Чарнобыльскай АЭС, дзе асела найбольш выкідаў доўгажывучых радыёактыўных элементаў. У прыватнасці, плутонія і яго даччынага прадукта – амерыцыя-241.
Былая бацькоўская хата паэта Міколы Мятліцкага ў Бабчыне
Мелі гутарку журналісты і з абаронцамі тэрыторыі запаведніка ад пажараў, пабывалі на станцыі дэзактывацыі. Некаторыя ўдзельнікі прэс-тура прайшлі нават абследаванне на прыборы СІЧ – дзеля ацэнкі дозы ўнутранага апраменьвання.
Варвара Чаркоўская на СІЧы
Журналістка Людміла Копаць і дзяжурны Майдана Сяргей Пархоменка
Тлумачэнні журналістам падчас паездкі ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік давалі яго дырэктар Пётр Кудан, навукоўцы Сяргей Кучмель, Максім Кудзін, Вячаслаў Заброцкі, Мікалай Бажок, некатоыя іншыя спецыялісты і супрацоўнікі.
Конеферма ў зоне
Па выніках прэс-тура яго ўдзельнікі рыхтуюць разнастайныя публікацыі, фота- і відэарэпартажы.