Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №1 (31 ліпеня – 17 жніўня 2012 г.)
Маніторынг мае на мэце:
-- ацаніць, наколькі поўна, усебакова і ў адпаведнасці з прынцыпамі журналісцкай этыкі ды міжнародна прызнанымі стандартамі беларускія медыя здольныя асвятляць выбарчы працэс;
-- прыцягнуць увагу журналісцкай супольнасці краіны да таго, што неперадузятае і поўнае інфармаванне выбарцаў пра электаральны працэс, а таксама пра палітычныя і грамадскія погляды кандыдатаў і іх прыхільнікаў – непасрэдны
-- прааналізаваць уплыў медыя на электаральны выбар.
Маніторынг ажыццяўляецца на падставе 17 беларускіх СМІ, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных[1]. Аналіз зместу медыя базуецца як на якасных, так і колькасных паказчыках, г. зн. -- на ацэнцы манеры рэпрэзентацыі суб’ектаў выбарчага працэсу і падліку плошчы/часу, адведзеных выбарчай тэматыцы ў, адпаведна, друкаваных і электронных медыя. Пазначаны вышэй перыяд маніторынгу ахоплівае такія важныя этапы выбарчай кампаніі, як фармаванне ўчастковых камісій і вылучэнне кандыдатаў.
Асноўныя вынікі і некаторыя высновы
У азначаны перыяд дзяржаўныя медыя асвятлялі выбарчы працэс у традыцыйнай манеры -- г.зн., надаючы асвятленню выбараў менш увагі, чым тэмам “Надвор’е” і “Спорт”, у якой, відавочна, дамінавалі рэпартажы з алімпійскіх гульняў у Лондане;
Галоўным ньюсмейкерам выбарчай кампаніі ў названых СМІ быў Цэнтрвыбаркам. Што да апазіцыйных палітычных партый, прадстаўнікі якіх бяруць удзел у выбарах, іхняя прысутнасць была мінімальнай. А калі пра іх і заходзіла гаворка, дык дзяржаўныя медыя рэпрэзентавалі іх пераважна ў адмоўным ці надзвычай адмоўным тоне. І ніводнага разу прадстаўнікі апазіцыі, незалежныя эксперты, палітолагі ці прадстаўнікі НДА не мелі голасу ў тых самых медыя.
Назвычай адмоўнай была характарыстыка ролі і дзейнасці заходніх назіральнікаў. То бок манера асвятлення парламенцкай кампаніі (параўнальна з усімі папярэднімі) істотна не змянілася. Гэту манеру вырознівае аднабаковая падача інфармацыі, негатыўнае партрэтаванне апанентаў рэжыму і заходніх назіральнікаў, відавочная адсутнасць права на адказ ды рэтушаванне поглядаў і ацэнак прадстаўнікоў розных палітычных партый і іх прыхільнікаў. Палярная рэпрэзентацыя ўлады і апазіцыі, назіральнікаў (з краін СНД і заходніх) – яшчэ адна характэрная рыса асвятлення выбарчых кампаній у дзяржаўных СМІ.
Недзяржаўныя медыя падавалі тэму выбараў у відавочна больш шырокім дыяпазоне і не абмяжоўваліся адно афіцыйнай інфармацыяй, што зыходзіла ад ЦВК. Разам з тым, мяркуючы па плошчы, якую недзяржаўная прэса адвяла выбарам, бачна, што гэтая тэматыка яшчэ не стала для іх выразна прыярытэтнай.
Агульнае ўражанне азначанага этапу маніторынгу палягае на тым, што парламенцкія выбары ў Беларусі -- гэта не яркая медыйная падзея, а палітычна-рытуальная дзея з наступствамі, якія няцяжка прадказаць.
Электронныя медыя і інтэрнэт-выданні
Як адзначалася вышэй, дзяржаўныя электронныя медыя сканцэнтравалі сваю ўвагу на дзейнасці ЦВК, прадстаўнікі якой былі галоўнай крыніцай інфармацыі адносна фармавання камісій, стварэння ініцыятыўных груп і вылучэння патэнцыйных кандыдатаў. Вось адно з выказванняў прадстаўніка ЦВК сп. Лазавіка: “Я проанализировал выдвижение представителей в состав участковых комиссий по одному лишь 49 избирательному округу города Гродно. Объединенная гражданская партия для включения в участковые избирательные комиссии этого округа представила 18 кандидатур. Когда мы проанализировали, что ж это за граждане, оказалось, что из 18 -- 10 привлекались к уголовной и административной ответственности, 9 – нигде не работающие. Каким уважением, каким авторитетом пользуются эти люди среди избирателей? (...) И таким людям просто не место в избирательных комиссиях” (Беларусь 1 “В центре внимания” – 12.08.2012).
Дзяржаўныя электронныя медыя шырока пазнаёмілі сваіх гледачоў і чытачоў з наступнымі выказваннямі Прэзідэнта датычна апазіцыі: “Если бы сегодня наша, ну, оппозицией ее трудно назвать, но, наверное, там есть кто-то оппозиционно настроенный… ну вот, пятая колонна с оппозицией чувствовали, что они победят, они б никогда не говорили, что выборы не легитимные, ибо тогда и вы будете не легитимные. А раз так говорят, значит, они понимают, что в данной ситуации они пролетят, как фанера над Парижем… Ну а какую они там тактику изберут – это их мышкование. Их мышкование связано, поверьте, только с одним – другого, третьего нет: получить деньги. Хоть маленькие – сейчас Запад уже мало им дает – но хотя бы это на существование и для того, чтоб бензин купить на те автомобили, которые тоже Запад помог им купить, и особняки, которые они когда-то построили, обещая Западу, что они власть возьмут в Беларуси – Запад им дал большие деньги – они построили особняки – сегодня их надо содержать. Вот хотя бы эту долю им дал Запад – они готовы тут шуметь, кричать, взрывать, стрелять – что угодно делать – это их политика. (...) Все те же лица – замызганные, замусоленные, которые ездили и предавали страну. И травили народ” (Беларусь 1, “Панарама” -- 09.08.2012).
Вызначанай выглядае і функцыя заходніх назіральнікаў: “Пригласили, как вы видите, всех этих надсмотрщиков, кто был и кто не был у нас – пусть смотрят. Мы знаем, что они напишут, мы уже первые доклады и информацию получаем их – еще выборов нет, а мы уже прочитали. Мы принимали сознательное решение. Мы знаем, что они будут нас долбать, клепать, -- как бы мы ни провели эти выборы” (Беларусь 1, “Панарама”-- 09.08.2012).
Негатыўна дзяржаўныя тэлеканалы ацанілі ролю кіраўніка місіі назіральнікаў АБСЕ: “Маттео Мекаччи – итальянский политик радикального толка. В своей стране выступает не столько за свободу слова, сколько высказывается за легализацию проституции, педофилии в интернете и лёгких наркотиков. Взгляды Мекаччи осуждает большая часть итальянского общества. Что касается отношения к Беларуси, то судя по прежним заявлениям и призывам к ужесточению санкций, оно явно предвзятое. Вместо объективной оценки итальянский депутат склонен выдавать желаемое на Западе за действительное” (АНТ “Наши новости” – 15.08.2012).
Сярод рэпрэзентаваных суб’ектаў выбарчага працэсу на дзяржаўных тэлеканалах дамінуюць Прэзідэнт, ЦВК і апазіцыя, якая падаецца ў выключна адмоўным тоне. У праграме “Наши новости” АНТ час, адведзены розным суб’ектам, размеркаваўся так: Прэзідэнт -- 59%, ЦВК – 10,5%, неперсаніфікаваны кандыдат – 8%, апазіцыя – 6,5%. Астатнія 11 суб’ектаў атрымалі часу ў межах ад 3% да 0,15%. Прыкладна такая ж карціна характэрная і для іншых дзяржаўных электронных медыя з той толькі розніцай, што названыя суб’екты могуць мяняцца месцамі ў адпаведнасці з адведзеным ім часам ці колькасцю знакаў у інтэрнэт-рэсурсах. А рэгіянальныя дзяржаўныя медыя больш часу адводзілі дзейнасці акруговых і ўчастковых камісій.
Недзяржаўнае электроннае выданне www.naviny.by падало значна шырэйшы спіс удзельнікаў выбарчага працэсу. Naviny.by пісалі пра 33 суб’екты выбарчага працэсу (для параўнання: belta.by пісала пра 17 суб’ектаў). Да таго ж, названы недзяржаўны сайт рэгулярна знаёміць сваіх чытачоў з меркаваннямі палітыкаў, экспертаў і аналітыкаў датычна выбарчага працэсу.
Друкаваныя СМІ
Што да асвятлення выбарчага працэсу маніторынгаваныя друкаваныя медыя істотна саступаюць электронным СМІ. Напрыклад, газета “Беларусь сегодня” фактычна абмежавалася афіцыйнай інфармацыяй ЦВК (1 632 см. кв.). Газета “7 дней” з трох маніторынгаваных нумароў толькі ў адным з іх падала нязначную інфармацыю ЦВК (438 см. кв.) і зусім не пісала пра іншых суб’ектаў. Недзяржаўная “Комсомольская правда в Белоруссии” (таўстушка) увогуле не пісала пра выбары.
“Народная воля” рэпрэзентавала дзейнасць 11 суб’ектаў, а тыднёвік “Наша ніва” – 6. Дзейнасць ЦВК і ўчастковых камісій “Народная воля” ацаніла нестаноўча. Пра апазіцыю, электарат ды іншых суб’ектаў пісала ў нейтральным тоне. Рух “За Свабоду” быў рэпрэзентаваны як негатыўна, так і нейтральна. Выключна нейтральнага тону датычна усіх рэпрэзентаваных ёй суб’ектаў трымалася “Наша ніва”.
Рэгіянальная дзяржаўная прэса адвяла выбарчай тэматыцы зусім нязначную плошчу (“Могилёвская правда” – 395 см. кв. і “Гомельская праўда” – 491 см. кв.).
Гэткім чынам, калі параўнаць асвятленне цяперашняй парламенцкай кампаніі з аналагічнай кампаніяй 2008 г., яно пакуль нічым істотным не адрозніваецца. Больш за тое, выглядае руцінным і пазбаўленым хоць якой сапраўднай драматургіі.
Электронныя медыя -- Беларусь 1 (навінная праграма “Панарама”); АНТ (навінная праграма “Наши новости”); Беларусь 1 (тыднёвая аналітычная праграма “В центре внимания”); Нацыянальнае радыё, (1 праграма “Радыёфакт”); “ТРК “Гомель” – “Навіны Рэгіёна”; “Гомель FM” (“Навіны”); ТРК “Магілёў”(”Навіны Магілёў”); Абласное радыё “Навіны” (Магілеў). Інтэрнэт-рэсурсы -- www.naviny.by, www.belta.by. Друкаваныя СМІ – “Беларусь сегодня”, “Народная воля”, “7 дней”, “Наша ніва”, “Комсомольская правда в Белоруссии”, “Гомельская праўда”, “Могилёвская правда”.