Баранавіцкая газета “Intex-press” святкуе 20-гадовы юбілей


Першы нумар “Intex-press” выйшаў 30 снежня 1994 года накладам 5 тысяч асобнікаў. Найбольшы наклад выданне мела ў 2010 годзе – больш за 20 тысяч асобнікаў. У 2006-м годзе выданне было выключана з дзяржаўных сістэм распаўсюду, але насуперак захадам уладаў захавала ўласны поспех.

Сёння баранавіцкае выданне выходзіць накладам 15 тысяч асобнікаў і з'яўляецца лідарам на рынку рэгіянальнай прэсы краіны.

Intex-press” – гэта ўжо зусім іншая планета, – адзначыў на падвядзенні вынікаў конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Найлепшая рэгіянальная газета-2014" сябра яго журы Аляксандр Коктыш. Сайт выдання быў назвваны лепшым, а газету прызналі лепшай яшчэ ў мінулым годзе.

Сёння газета “Intex-press” насамрэч стала ўнікальнай з'явай на рынку СМІ краіны – паспяховы бізнес-праект, школа журналістыкі, незалежнае выданне, якое прытрымліваецца высокіх прафесійных стандартаў і еўрапейскіх прынцыпаў свабоды слова, якое здолела не толькі выжыць, але і развівацца ў складаных беларускіх рэаліях.

Дырэктар ТАА «Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс", галоўны рэдактар газеты Уладзімір Янукевіч называе некалькі складнікаў поспеху свайго праекту.

– Па-першае, гэта людзі, якіх чамусьці газета ўвесь час прываблівала. Рэдакцыя аб'ядноўвала і аб'ядноўвае вакол сябе годных людзей, якія хочуць рабіць гэту справу добра, – кажа ён.

Другім складнікам Уладзімір Янукевіч называе пастаяннае навучанне.

– Мы заўсёды шмат вучыліся, хутка набіралі новую інфармацыю і пры гэтым хутка ўвасаблялі яе ў жыццё. Вывучыўшы замежны вопыт, рэдакцыя ўмела пабудавала свае бізнес-працэсы, падзяліла менеджарскую дзейнасць, рэкламную і творчую, што дазволіла кожнай сферы надаваць увагу і рабіць гэтую частку агульнай справы добра, – дадае ён.

Трэці складнік поспеху, па версіі рэдактара, гэта ўнікальнасць самога месца існавання газеты.

– Брэсцкая вобласць – унікальнае для краіны месца, дзе існуюць традыцыі па працы з незалежнымі СМІ. Менавіта ў Брэсцкай вобласці працуе больш за ўсё незалежных выданняў. Унікальны і сам горад Баранавічы, які размешчаны на сур'ёзным скрыжаванні транспартных шляхоў, людзі мабільныя, больш свабодалюбныя, падрыхтаваныя, яны ўспрынялі незалежную газету лёгка і хутка, – дадае Янукевіч.

Гаворачы пра дзень заўтрашні, дырэктар выдавецкага дому "Інтэкс-прэс" кажа, што галоўная задача выдання – заставацца патрэбнымі чытачам.

– Мы хочам заставацца вытворцам і пастаўшчыком інфармацыі. Якія формы і платформы для гэтых мэтаў будуць выкарыстоўвацца, падкажа жыццё. Невядома, якія тэхналогіі з'явяцца, але мы ведаем, што мы павінны быць падрыхтаванымі да гэтага і мець добрую каманду падрыхтаваных людзей. Мы не ведаем, якім будзе заўтра, але ўжо рыхтуемся да яго, – усміхаецца рэдактар.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” шчыра віншуе калег з юбілеем!

 

Однажды в Барановичах. Субъективный взгляд на историю газеты «Intex-press» человека, проработавшего там пять лет