У Магілёве прайшла вечарына памяці Генадзя Судніка


24 жніўня ў Магілёве ўшанавалі памяць выдатнага журналіста, шматгадовага кіраўніка мясцовай суполкі ГА “БАЖ” Генадзя Вітольдавіча Судніка, які пайшоў з жыцця год таму.

Вечарына памяці адбылася ў грамадскім цэнтры “Кола”, дзе сабралася больш за пяцьдзесят сяброў Генадзя Вітольдавіча, яго паплечнікаў па журналісцкай і грамадскай дзейнасці, родных і блізкіх.

Прысутныя ўзгадвалі Генадзя Вітольдавіча як светлага і інтэлігентнага чалавека, сапраўднага майстра сваёй справы, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю горада Магілёва як першы старшыня Магілёўскага тэлерадыёкамітэта, стваральнік газеты “Тыднёвік Магілёўскі” і шматгадовы нязменны кіраўнік мясцовай суполкі ГА “БАЖ”.

Вядомы беларускі журналіст, старшыня камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Анатоль Гуляеў, які сябраваў з Генадзем Суднікам шмат гадоў і з якім ён сумесна працаваў яшчэ ў газеце “Магілёўская праўда”, адзначыў, што асабіста для яго Генадзь Вітольдавіч з’яўляўся першым сябрам і першым настаўнікам. Яго словы пра тое, што “варты публікацыі толькі той матэрыял, які ўтрымлівае новы факт альбо новую думку”, ён запомніў на ўсё жыццё.

Шмат цёплых слоў на адрас Генадзя Судніка сказаў і намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. Узгадаўшы словы Генадзя Вітольдавіча пра тое, што “БАЖ уратаваў сэнс і гонар беларускай журналістыкі “, ён адзначыў, што ў тым ліку і Генадзь Суднік уратаваў сэнс і гонар журналістыкі, бо ён быў адным са стваральнікаў гэтай арганізацыі. Генадзь Вітольдавіч на працягу многіх гадоў уваходзіў у склад Рады ГА “БАЖ”, на апошнім з’ездзе ён быў абраны сябрам Праўлення арганізацыі.

Падзяліліся ўспамінамі пра Генадзя Вітольдавіча таксама Віталь Васількоў, Уладзімір Капуза, Ігар Пушкін, Міхась Булавацкі, Аліна Скрабунова і іншыя яго сябры і паплечнікі.

Удава Генадзя Вітольдавіча, Ніна Уладзіміраўна Суднік падзякавала прысутным за добрую памяць пра яе мужа. Асаблівую падзяку Ніна Уладзіміраўна выказала Віталю Васількову і магілёўскім журналістам Ганне Ільіной і Сяргею Стральцову, якія вельмі дапамаглі ёй у падрыхтоўцы вечарыны памяці.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя разам праспявалі любімую песню Генадзя Вітольдавіча “Паляцяць у вырай гусі”.

 

На гэтую ж тэму:

Суднік па-магілёўску

Пайшоў з жыцця Генадзь Суднік