У галерэю “Ў” прыехала выстава пераможцаў конкурсу World Press Photo (+фота)


158 здымкаў з ліку пераможцаў сусветнага конкурсу прэсавай фатаграфіі можна будзе паглядзець у Мінску да 24 снежня. Гэта апошняя экспазіцыя здымкаў сёлета ў свеце.


Андрэй Лянкевіч на VIP-адкрыцці выставы ўвечары 10 снежня

– У Мінск прыехала выстава, якая штогод паказваецца па ўсім свеце больш чым у 100 краінах. Сёлета экспазіцыя афіцыйна завяршае сваё вандраванне менавіта ў Беларусі – пасля Мінску выстава накіруецца назад у Амстэрдам, а ў наступным годзе пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу ўжо новыя фатаграфіі ізноў пачнуць вандраваць, – распавядае куратар экспазіцыі Андрэй Лянкевіч.

На выставе прадстаўленыя 158 фотаздымкаў 58-мі фатографаў, якія перамаглі ў World Press Photo. У гэтым годзе больш за 2,5 тысячы фатографаў даслалі на конкурс каля 120 тысяч сваіх працаў. Два тыдні па традыцыі выбіраліся пераможцы, і вось – самае лепшае з лепшых, што было зроблена ў фотажурналістыцы за мінулы год, можна будзе паглядзець у галерэі “Ў” у цэнтры беларускай сталіцы (Праспект Незалежнасці, 37а, з 11 снежня).


Адзін з пераможцаў World Press Photo Аляксандр Гронскі

Адзін з пераможцаў сёлетняга конкурсу – Юрый Козыраў – з дапамогай Belarus Press Photo літаральна ўчора праязджаў у Мінск, праводзіў майстар-клас, даваў каментары, размаўляў з маладымі фатографамі і распавядаў, як можна выйграць са сваім фотаздымкам у World Press Photo. На само ж адкрыццё выставы ў Беларусь прыехаў яшчэ адзін пераможца конкурсу Аляксандр Гронскі.

Большасць працаў на World Press Photo заўсёды паказваюць нейкія вайсковыя падзеі. У такім выпадку, ці ёсць шанец у мірнай Беларусі ўзяць і перамагчы ў World Press Photo?

– Безумоўна, так! І далёка за прыкладам ісці не трэба. Фотаздымак, зроблены ва Украіне, – партрэт жанчыны з групы Femen – таксама стаў пераможцам сёлета. Што датычыць гран-пры, то не варта забываць, што World Press Photo – гэта конкурс сусветны. Таму журы заўсёды акцэнтуе ўвагу на самых галоўных падзеях года, і здымак пераможцы таксама павінен быць пра самую галоўную леташнюю падзею, – дадае Андрэй Лянкевіч.

Першы дзень працы World Press Photo. Фотарэпартаж Сяргея Балая