Памёр Эдуард Брокараў (АБНОЎЛЕНА)


«Эдуард паспеў узняцца на свой грамадскі і прафесійны “ўзгорак”...»

У Горках пасьля працяглай хваробы памёр журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра ГА «БАЖ» Эдуард Брокараў. Да свайго пяцідзесяцігодзьдзя не дажыў два месяцы. Нарадзіўся ён 26 лютага 1961 году.

Фота ўзята з сайта Радыё «Свабода»

Эдуард Брокараў быў заснавальнікам і рэдактарам недзяржаўнай газэты «Ўзгорак». Актыўна выступаў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Кіраваў раённай суполкай Партыі БНФ і руху БНФ “Адраджэньне”. Некалькі разоў балятаваўся ў райсавет і аблсавет.

Пахаваньне адбудзецца 31 сьнежня.

Нашага калегу ўзгадвае Генадзь Вітольдавіч Суднік, сябра ГА «БАЖ» з Магілёва:

«Эдуард Брокараў — адзін з тых беларускіх журналістаў, якіх у прафесію прывёў не дыплом адпаведнага факультэта, а грамадскі тэмперамент і неабыякавасць да жыцця.

Думаю, што ў іншыя часы, адрозныя ад тых, што доўжацца ўжо амаль два дзясяткі гадоў, Эдуард працягваў бы паспяхова займацца (як тое і было да пералому ў жыцці краіны) развіццём фізкультуры і спорту ў сваім родным Горацкім раёне.

Але гэтага спраўнага кіраўніка сціплага раённага ўпраўлення, вядомага футбаліста і спартовага суддзю, нечакана для ўсяго чынавенскага асяроддзя паклікала… Можна сказаць, канечне — “адказнасць за краіну”, “прага да свабоды”, “патрыятызм”… Але высокіх слоў Эдуард не любіў, і таму тут больш падыдзе іншае азначэнне — недарэчнасць таго, што пачало адбывацца ў краіне ў апошнія паўтара дзесяцігоддзі. І ён не мог застацца ўбаку...

Так Эдуард Брокараў найперш стаўся грамадскім актывістам. Горацкі раён добра памятае ўдалыя грамадскія акцыі, на чале якіх стаяў Эдуард. (Дастаткова ўзгадаць кампанію супраць меркаванай пабудовы ў раёне АЭС).

Цалкам зразумела, што для інфармавання грамадства і прыцягнення да добрых справаў новых людзей Эдуарду спатрэбілася свая прэса. Спачатку гэта былі некалькі “самвыдатаўскіх” газетак, найбольш вядомая з якіх — штотыднёвік “УзГорак”, які амаль 10 год упарта ішоў да атрмання афіцыйнага статусу і ўрэшце набыў яго. Трэба было бачыць шчаслівага Эдуарда, які трымаў у руках афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі…

Але ўсё гэта запатрабавала, відаць, і аддачы сіл, нерваў, эмоцый і “крыві”, якіх не хапіла для жыцця…

Тым не менш, Эдуард паспеў узняцца на свой грамадскі і прафесійны «ўзгорак», на «ўзгорак» чалавечай годнасці. Не кожнаму выпадае такое ў жыцці. Толькі добрым людзям, якім назаўсёды застанецца ў памяці наш калега, паплечнік і сябра...»