Аддзел ЗАГС Баранавіцкага гарвыканкама зноў адмовіў у інфармацыі незалежнай газеце Intex-press


Пасля некалькіх няўдалых спробаў атрымаць адказ на пытанне пра колькасць заключаных шлюбаў у г. Баранавічы, карэспандэнтка IP накіравала чыноўнікам сферы “грамадзянскага стану” пісьмовы запыт.

Адказ агаломшыў нават “разбэшчаных” адмовамі ў прадастаўленні інфармацыі карэспандэнтаў недзяржаўнага выдання. У ім начальніца ЗАГС Святлана Валынец “тлумачыць” журналістам, што аддзел ЗАГС “не валодае паўнамоцтвамі па распаўсюдзе статыстычнай інфармацыі, якая тычыцца колькасці зарэгістраваных шлюбаў у г. Баранавічы”. Пры гэтым спасылаецца не на нарматыўны акт, які забараняе ЗАГС распаўсюджваць такую інфармацыю, а на Указ Прэзідэнта РБ ад 26.08.2008 г. №445, які надзяляе функцыямі збору, апрацоўкі і г.д. зводных статыстычных дадзеных органы дзяржаўнай статыстыкі.

«Гэты адказ можна лічыць узорам бюракратычнай казуістыкі. Цікава, ці ёсць, на думку Святланы Валынец, дакумент, які надзяляе, напрыклад, Дзяржаўтаінспекцыю функцыямі па распаўсюдзе статыстычнай інфармацыі пра колькасць аварый, а медыкаў – пра захворвальнасць і г.д. Гэтая гісторыя дэманструе ўзровень нашых чыноўнікаў, якія замест выканання сваіх прамых абавязкаў, замест прадастаўлення такой простай інфармацыі паводзяць сябе як дзеці. Але забаўна гэта было б, калі б у гэтыя гульні яны гуляліся на свае асабістыя ашчаджэнні, а не за кошт падаткаплатнікаў, якімі нашы чытачы з'яўляюцца і якія маюць права на атрыманне інфармацыі згодна дзейнаму заканадаўству”, - пракаментавалі сітуацыю ў рэдакцыі Intex-press.